“Пераязджаць было страшнавата...”

Па статуце, дзіцячая вёска “Вытокі” разлічана на сем’і, якія выхоўваюць ад 5 да 10 дзяцей. Паводле слоў некаторых чыноўнікаў, паколькі вёска знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінскага раёна, было прынята рашэнне перавезці сюды больш сямей менавіта з гэтага раёна, а не, напрыклад, з тых жа Хойнікаў.

У самым крайнім катэджы, што стаіць на ўездзе ў былы дачны пасёлак “Крынічны”, гаспадарыць сям’я Наталлі Капцюх. Яна з мужам і дзевяццю дзеткамі перасяліліся сюды аднымі з першых.

“Нам яшчэ не прывезлі сушылкі, таму пакуль памытую бялізну развешваем на парэнчы, - кажа Наталля Георгіеўна, запрашаючы на экскурсію па дому. - Гэта - спальня, вось тут - пакой дзяўчынак, а тут жыве наш старэйшы хлопчык.

Мы самі з Маладзечанскага раёна. У нас дзевяць дзяцей: сем прыёмных і двое родных. Яшчэ з намі жыве мой сын. Яму ўжо 20 гадоў, ён інвалід дзяцінства, а тры гады таму яшчэ і пад цягнік трапіў - поўнасцю аднялі правую руку. Ні прыгатаваць, ні абслужыць сябе ён самастойна не можа, таму жыве з намі.



Наталля Капцюх

Пакуль з тых сем’яў, якія пасяліліся ў вёсцы “Вытокі”, у нас больш за ўсіх дзетак. Я сюды ўжо прыехала з такой вялікай кампаніяй, а ў некаторых было 3-4 дзіцяці. Але, наколькі я ведаю, хутка колькасць членаў сямей нашых суседзяў павялічыцца - у іх з’явяцца новыя прыёмныя дзеткі”.

Наталля Капцюх кажа, што пакуль іх сям’я не прапісана па новым месцы жыхарства.

“Той дом, дзе мы жылі раней, нам пакінулі, - распавядае Наталля Георгіеўна. - А тут мы яшчэ не прапісаны, але гэта, мяркую, справа часу. Думаю, усіх адразу будуць прапісваць”.

Наталля гаворыць, што глянец і бляск у катэджы навадзілі самі.

“Мэбля тут амаль уся была, нешта мы з сабой прывезлі, - гаворыць яна. - Усё ў доме працуе, зроблена прыгожа. Самае патрэбнае сюды адразу даставілі, але і цяпер нешта давозяць. Напрыклад, днямі падвезлі прасавальныя дошкі, электрачайнікі, - карацей, розную дробязь. А вось мылі, чысцілі і ўсё расстаўлялі мы самі.

Месца тут добрае, дзецям хораша. Свой дом у нас быў маленькі, для дзевяцярых малых дзетак, там, канешне, было цеснавата. А тут месца хапае ўсім...”

Дзяцей уладкавалі ў Ждановіцкую школу.

“Іх туды і назад возіць спецыяльны аўтобус”, - удакладняе Наталля.

Безумоўна, Наталля Капцюх чула гучную гісторыю пра тое, як у міліцыянтаў адбіралі іхнія катэджы.

“І калі мы сюды пераязджалі, то, шчыра кажучы, было крыху страшнавата, - дзеліцца яна. - А раптам былыя гаспадары прыйдуць? І потым будзеш з гэтымі дзецьмі ляцець невядома куды... Дарэчы, калі мы толькі пераехалі, тут заўсёды была міліцэйская ахова. Здаецца, яе і зараз яшчэ не знялі - калі-нікалі нават ноччу сюды наведваюцца”.

Сёння самыя розныя госці амаль штодзень прыходзяць не толькі да Наталлі Капцюх, але і да іншых жыхароў вёскі “Вытокі”.

“То рабочыя зойдуць нешта праверыць, то з аддзела адукацыі зазірнуць, - гаворыць шматдзетная маці. - Выконваючы абавязкі мэра горада прыязджаў, чыноўнікі з Мінаблвыканкама, іншыя...”

І будаўнікі, і новыя гаспадары фешэнебельных дамоў кажуць, што афіцыйнае адкрыццё дзіцячай вёскі “Вытокі” быццам бы запланавана на 20 снежня. Многія перакананы, што ў “Вытокі” абавязкова прыедзе Аляксандр Лукашэнка, з падачы якога і замуцілася гісторыя з канфіскацыяй міліцэйскіх катэджаў.

“Але нам да гэтага візіту яшчэ трэба крышачку добраўпарадкаваць тэрыторыю, - кажуць мясцовыя чыноўнікі. - Няшмат працы, але ёсць”.

Наталля Капцюх распавяла “Народнай Волі”, што “спецыяльна для прэзідэнта” зрабілі фотаальбом з выявамі гэтай вёскі.

“Фатаграфавалі дамы, нас з дзецьмі, - гаворыць Наталля. - Ходзяць размовы, што ён прыедзе на адкрыццё, якое адбудзецца літаральна за тыдзень да Новага года. Таму і імкнуцца тут хутчэй усё дарабіць...”

"Няма куды паставіць другую машыну..."

У сям’і Сяргея Мацулевіча трое родных і чацвёра прыёмных дзетак.

“Мы раней жылі ў Сёмкаве, - распавёў “Народнай Волі” новы гаспадар іншага катэджа. - Там у нас быў свой дом, але аднапавярховы, і пакояў там не так шмат было. Гэты катэдж у параўнанні з нашым - сапраўдны палац! Засяліліся сюды літаральна некалькі дзён таму. Бачыце, нават мэбля яшчэ не распакаваная. І працы па добраўладкаванні дома яшчэ хапае...”


Сяргей Мацулевіч

Па неафіцыйнай інфармацыі, у спісе тых, хто мог атрымаць катэдж у пасёлку “Крынічны”, было больш за 50 прэтэндэнтаў. Але па якім прынцыпе адбіралі тыя восем сямей, якія цяпер будуць жыць у вёсцы “Вытокі”, Сяргей Мацулевіч не ведае.

“Мы наогул не думалі, што нешта атрымаем, - гаворыць ён. - І нават не цікавіліся, як трапілі ў гэтыя спісы. Нам проста патэлефанавалі з райвыканкама, сказалі, што ствараецца дзіцячая вёска, і калі ў нас ёсць жаданне жыць у іншым доме, то, калі ласка. Мы, зразумела, пагадзіліся”.

Да нядаўняга часу Сяргей у Сёмкаве працаваў у прыватнай фірме, але цяпер звольніўся.

“Зараз працую разам з жонкай, бо ёй адной было цяжкавата, - гаворыць ён. - Мы вырошчваем кветкі і прадаем іх. У нас некалькі кропак па Мінску. Раней яшчэ займаліся садавінай і гароднінай...”

Сяргей Мацулевіч не ведае, каму раней належаў катэдж, у які пераехала ягоная сям’я.

“Чуў, што гэтыя дамы ў некага канфіскавалі, - гаворыць ён. - Былыя гаспадары, здаецца, сюды не наведваюцца. Мы ў дырэктара нашай вёскі нават пыталіся: а што рабіць, калі нехта прыедзе, пачне біць вокны, нешта патрабаваць?.. Ён нас супакоіў, што ўсё будзе добра...”

Шматдзетны бацька па-гаспадарску заўважае, што ў новым доме маюцца некаторыя недахопы.

“Месяц таму, калі нас прывозілі сюды на экскурсію, тут яшчэ нават даху не было, - з усмешкай гаворыць ён. - Зрабілі ўсё хутка, але пэўныя недапрацоўкі засталіся. Вось тут непадфарбавана, на лесвіцы таксама ёсць нюансы, тут плінтус паставілі зламаны... Ёсць і іншыя недахопы. Напрыклад, у мяне дзве машыны. “Бус” не магу загнаць сюды, бо ў гараж заходзіць толькі адно аўто. Другі аўтамабіль, атрымліваецца, павінен стаяць на вуліцы. Але калі аўто на двары, я не магу зачыніць вароты, бо яны ўнутр зачыняюцца...”

На ўсёй тэрыторыі “Вытокаў” яшчэ працуюць будаўнікі.

“Як кіраўніцтва нейкае прыедзе - тут адразу столькі рабочых з’яўляецца... - дзеліцца назіраннямі Сяргей. - А як толькі з’едзе начальства, нікога не знойдзеш...”

Сяргей Мацулевіч спадзяецца на тое, што хаця б палову платы за камунальныя паслугі возьме на сябе дзяржава.

“Не ведаю, ці будзем мы на поўным дзяржзабеспячэнні, - дзеліцца думкамі Сяргей. - Пакуль яшчэ ні за што не плацілі. Думаю, можа, палову альбо працэнтаў трыццаць будзем аплачваць. Бо цалкам аплату газу, атаплення мы дакладна не пацягнем - тут жа такія плошчы!..”

Цяпер тут будзе горад-сад...

Як раней паведамляла “Народная Воля”, два былыя намеснікі міністра ўнутраных спраў Юрый Радзюкевіч і Віктар Філістовіч, як ультыматыўна прапанаваў кіраўнік дзяржавы, разабралі свае катэджы і перавезлі іх у іншыя месцы. Ад іх застаўся толькі фундамент. На тым месцы, дзе раней жыў Філістовіч, зараз актыўна будуецца спартыўная пляцоўка. Паводле слоў чыноўнікаў, адказных за вёску “Вытокі”, там можна будзе “пагуляць у валейбол”, а таксама “будуць пастаўлены тэнісныя сталы, вароты для міні-футбола”.

А там, дзе жыў Юрый Радзюкевіч, будзе забаўляльная пляцоўка. На ёй размесцяцца каруселькі, сцэна для дыскатэкі і лаўкі для гледачоў.

Праўда, як у канчатковым варыянце будуць выглядаць абедзве пляцоўкі, пакуль дакладна не зразумела.

“У нас тут кожны дзень нешта мяняецца, - паскардзіліся “Народнай Волі” будаўнікі, пераходзячы на нелітаратурную мову. - Адзін начальнік прыязджае - кажа адно, другі - другое. А нам спачатку трэба выконваць, а потым перарабляць...”

Погляд збоку

На чужым няшчасці?..

Тыя, хто жыве побач з былымі міліцэйскімі катэджамі, ціха назіраюць, што адбываецца ў іх літаральна за плотам. Некаторыя абураюцца тым, як паступілі з былымі гаспадарамі гэтых дамоў.

“Сама па сабе ідэя пабудаваць вёску для дзяцей-сірат вельмі добрая, - выказалі свае думкі “Народнай Волі” асобныя жыхары пасёлка “Крынічны”. - Але ж можна было ўсё зрабіць па-людску. Напрыклад, пакінуць гэтыя дамы былым гаспадарам, прапанаваўшы ім заплаціць за зямлю па рынкавым кошце, а на атрыманыя грошы пабудаваць сапраўдную дзіцячую вёску. І пасяліць туды не толькі тых, хто жыў у Мінскім раёне, але, можа, нават перавезці туды шматдзетныя сем’і з усіх куточкаў краіны. Тых, хто мае патрэбу ў жылой плошчы. І жылі б яны шчасліва. А так... Як кажа народная мудрасць, на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш...”